Mar 02,2011

Распачатыя працэсы галоснасці, плюралізму думак, змены ў грамадскім жыцці краіны з новай сілай паставілі пытанне аб стварэнні ў БССР арганізацыйнай структуры кіравання каталіцкімі суполкамі. Больш дзесяці гадоў гэта пытанне беспаспяхова падымалася з боку прадстаўнікоў рымска-каталіцкага духавенства рэспублікі i Святога Прастола. Па дадзеных ідэалагічных структур КПБ, у Ватыкане ў 1986 г. была створана спецыяльная камісія ў складзе 20 кардыналаў, якая вывучала перспектывы паляпшэння стану РКЦ у СССР i БССР у сувязі з працэсамі дэмакратызацыі i галоснасці. Будучае касцёла ў Беларусі звязвалася з стварэннем адміністрацыйнага цэнтра ў Мінску ў выглядзе каталіцкай епархіі [1, спр. 365, арк. 33].

3 новай сілай работа па стварэнню структур кіравання РКЦ у Беларусі разгарнулася ў 1988 г. Гэтыя пытанні абмяркоўваліся пад час наведвання ў верасні 1988 г. Рымска-Каталіцкай Царквы на Беларусі польскім кардыналам Юзафам Глемпам, a затым у снежні сакратаром епіскапата ПНР Ежы Дамброўскім i біскупам Эдвардам Самселям [1, спр. 617, арк. 105]. У размове з упаўнаважаным Савета па справах рэлігій у Гродзенскай вобласці Лысковым Дамброўскі падняў пытанне аб стварэнні арганізацыйнай структуры кіравання касцёлам. Акрамя таго, былі пастаўлены такія «балючыя» для беларускага боку праблемы, як зняцце абмежаванняў на правоз праз мяжу рэлігійнай літаратуры i прадметаў культа, выданне ў рэспубліцы каталіцкага часопіса, расшырэнне кантактаў паміж католікамі ПНР i БССР [1, спр. 617, арк. 69].

Гэтыя складаныя для таго часу пытанні не маглі быць вырашаны станоўча, але садзейнічалі актывізацыі дзеянняў рымска-каталіцкай грамадскасці па ўладкаванню дзяржаўна-канфесійных адносін. 3 такімі ж патрабаваннямі ў снежні 1988 г. група ксяндзоў Гродзенскай вобласці накіравала пісьмы Генеральнаму сакратару ЦК КПСС М. Гарбачову, Савету па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР. Два калектыўныя пісьмы былі адпраўлены ў ЦК КПСС i Прэзідыум Вярхоўнага Савета ССР у першай палове 1989 г. Такія пісьмовыя звароты ад ксяндзоў з БССР паступалі ў епіскапат Польшчы i Ватыкана. Актыўныя дзеянні рымска-каталіцкага духавенства, аналіз сітуацыі ў парфіях прымусілі Упаўнаважанага Савета па справах рэлігій па Беларускай ССР Аляксея Жыльскага 1 чэрвеня 1989 г. звярнуцца ў Савет Міністраў БССР з запіскай «Аб каталіцкай царкве ў рэспубліцы». У ёй адзначалася значнае абмежаванне магчымасцей органаў улады для ўплыву на служыцеляў культу iвернікаў, пераводу ксяндзоў з аднаго касцёла ў другі, зняцця ix з рэгістрацыі. «Дакладней, - падводзіўся вынік у запісцы, - каталіцкая царква становіцца ўсё больш некіруемай». 3 мэтай нармалізацыі адносін з рымска-каталіцкай царквой прапаноўвалася «разглядзець пытанне аб стварэнні ў рэспубліцы цэнтра каталіцкай царквы на чале з епіскапам i прамым выхадам на Папу Рымскага» [1, спр. 617, арк. 109]. Увага ўрада засяроджвалася на неабходнасці паскорыць вырашэнне пытанняў, звязаных з вяртаннем будынкаў касцёлаў i перадачы ix вернікам там, дзе былі зарэгістраваны рымска-каталіцкія суполкі.

У той жа час, калі пастаўленыя пытанні абмяркоўваліся ў вышэйшых партыйна-дзяржаўных структурах БССР, 19 чэрвеня 1989 г. у рэспубліку прыбыў прадстаўнік Ватыкана польскі святар С. Шловінец. На сустрэчы з Упаўнаважаным Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР па БССР А. Жыльскім ён паведаміў, што мае даручэнне высветліць думку органаў улады Беларусі наконт прызначэння каталіцкага біскупа. Пасланец Святога Прастола паведаміў, што ён меў сустрэчу ў Гродна з магчымым прэтэндэнтам на гэту пасаду пробашчам Францішканскага касцёла Тадэвушам Кандрусевічам. Прадстаўнік Ватыкана быў праінфармаваны аб тым, што стварэнне каталіцкага цэнтра ў рэспубліцы з'яўляецца кампетэнцыяй урада СССР, аб чым з яго боку пярэчанняў не ўзнікала [1, спр. 617, арк. 5].

Абмеркаванне пытання прызначэння каталіцкага біскупа было працягнута ў Маскве падчас размовы з намеснікам старшыні Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР Я. Мілаванавым i загадчыкам аддзела Савета па справах рымска-каталіцкай царквы С. Кузняцовым. Па ix словах, высокія прадстаўнікі канфесійнага «міністэрства» выказвалі разуменне i заявілі, што гэтае пытанне можа быць вырашана толькі ў кантэксце ўсіх праблем, звязаных з упарадкаваннем адносін паміж Савецкім Саюзам i Ватыканам.

У хуткім часе пасля адбыцця С. Шловінца з БССР у адрас Савета па справах рэлігій у Маскву з Ватыкана прыйшла тэлеграма, у якой выказвалася падзяка за згоду на прызначэнне біскупа для католікаў Беларусі. У адказ Савет неадкладна накіраваў у Ватыкан тэлеграму, у якой паведамляў, што такой згоды не давалася, aбыло «выказана толькі разуменне пытання» [1, спр. 617, арк. 106].

25 ліпеня 1989 г. сродкі масавай інфармацыі Ватыкана паведамілі аб тым, што на каталіцкія парафіі ў Беларусі прызначаны адміністратар у сане біскупа. Каталіцкі друк змясціў біяграфію пробашча Францішканскага касцёла Гродна Т. Кандрусевіча, які атрымаў гэта прызначэнне.

Пасля аб'яўленага Святым Прастолам рашэння загадчык аддзела па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР С. Кузняцоў меў гутарку з прызначаным на пост біскупа ксяндзом Т. Кандрусевічам i папярэдзіў яго аб неабходнасці ўстрымацца ад выканання біскупскіх абавязкаў па прычыне таго, што прызначэнне адбылося без згоды органаў улады. Ксяндзу нічога не заставалася рабіць як запэўніць, што ён ніякіх дзеянняў у гэтым накірунку прадпрымаць не стане i адмовіцца ад запрашэння наведаць апостальскую сталіцу. Аднак пасля 22 верасня 1989 г. Т. Кандрусевіч вылецеў у Рым [1, спр. 617, арк. 93].

Звестка аб прызначэнні першага біскупа i Апостальскага адміністратара выклікала раздражненне структур БССР. Пачаліся кансультацыі, выпрацоўка тактыкі дзеянняў у склаўшыхся ўмовах. Урад рэспублікі ў асобе намесніка старшыні Савета Міністраў БССР Н. Мазай прытрымліваўся думкі немэтазгоднасці адмаўляць у прызнанні біскупства. Адсутнасць адзінага адміністрацыйнага цэнтра кіравання, на думку ўрада, значна ўскладняла работу мясцовых савецкіх органаў з прадстаўнікамі рымска-каталіцкага духавенства. Такую ж думку выказалі пры абмеркаванні гэтага пытання ў Савеце Міністраў БССР мітрапаліт Філарэт i старшыня Гродзенскага аблвыканкама Зміцер Арцыменя [1, спр. 617, арк. 93].

Больш непрымірымай i жорсткай была лінія ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. Аддалены ад непасрэдных праблем парафіяльнага жыцця, ён не дапускаў неабходнасці змены курса ў рэлігійных пытаннях, заставаўся ў палоне сіндрома забароны ўсяго новага. Сур'ёзныя прэтэнзіі былі прад'яўлены прадстаўнікам Савета па справах рэлігій у Маскве i Мінску, якія, на думку вышэйшай ідэалагічнай структуры ЦК КПБ, павінны былі «больш дакладна i  выразна выкласці сваю пазіцыю ў адносінах да прапановы Ватыкана». Прызначэнне біскупа i стварэнне Мінскай дыяцэзіі расцэньвалася як грубае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы другой дзяржавы i пярэчыла міжнародным прававым нормам. Таму Вярхоўнаму Савету БССР прапаноўвалася «накіраваць у адрас Ватыкана рашучы пратэст» [1, спр. 617, арк. 96]. Калі Святы Прастол яго праігнаруе i сваё рашэнне не адменіць, аддзел лічыў мэтазгодным мець у рэспубліцы самастойны адміністрацыйны каталіцкі цэнтр, незалежны ад польскага i літоўскага.

Развіццё падзей стала прадметам спецыяльнага абмеркавання на нарадзе вузкага кола афіцыйных асоб у першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова, якая адбылася 11 верасня 1989 г. Сярод 8 запрошаных былі: сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі В. Пячэннікаў, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Н. Мазай, сакратар Прэзідыума Вярхоўнага Савета ВССР Л. Сыраегіна, міністр замежных спраў А. Гурыновіч, упаўнаважаны Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР па Беларускай ССР А. Жыльскі iінш. Аднак прадпрыняць кардынальныя крокі па змяненню распачатага курса канструктыўнага рэфармавання дзяржаўнай царкоўнай палітыкі не ўдалося. Адной з прычын гэтага з'явілася падрыхтоўка да сустрэчы Міхаіла Гарбачова з Папам Янам Паўлам II, якая прызначалася на 1 снежня 1989 г. у Апостальскай сталіцы.

Між тым, 20 кастрычніка 1989 г. у Ватыкане была праведзена цырымонія распалажэння Т. Кандрусевіча ў сан біскупа Мінскага i ўсёй Беларусі. Месцам размяшчэння курыі быў вызначаны Мінск, аднак з-за адсутнасці належных умоў для работы ў сталіцы на некаторы час прызнавалася дапушчальным яе месцазнаходжанне ў Гродна.

Прызначэнне першага біскупа на Беларусі расцэньвалася ў Свяцейшым Прастоле як вынік адбываўшыхся ў Савецкім Саюзе перамен, дзякуючы якім рымска-каталіцкая царква разлічвала на пашырэнне свайго ўплыву ў іншых рэгіёнах краіны. Выступаючы на цырымоніі пасвячэння Т. Кандрусевіча ў сан біскупа, Папа Ян Павел II выказаў спадзяванне, што «ў хуткім часе будзе магчыма запоўніць старажытныя ўдавеючыя каталіцкія кафедры ў СССР» [1, спр. 617, арк. 114].

Прызначэнне біскупа было адзначана 18 кастрычніка ўрачыстым богаслужэннем у Фарным касцёле Гродна. Па інфармацыі старшыні камітэта дзяржбяспекі БССР Валянціна Валуева, у ім прынялі ўдзел папскі нунцый архібіскуп Франчэска Каласуоні, 12 польскіх святароў i манахаў, з ix 3 біскупы, 67 ксяндзоў з Беларусі i Прыбалтыкі, 18 клерыкаў, якія навучаліся ў рыжскай i каўнаскай духоўных семінарыях, каля 5 тыс. вернікаў. Набажэнствы з касцёла трансліраваліся на прылягаючую плошчу, казанні вяліся на беларускай, рускай, польскай iлітоўскай мовах. У ix гучалі заклікі да недапушчэння варожасці ў міжнацыянальных адносінах, павагі да розных вераспавяданняў.

Адраджэнне біскупства на Беларусі расцэньвалася ідэалагічнымі службамі ЦК КПБ як імкненне Ватыкана пашырыць свой уплыў на рымска-каталіцкую царкву ў СССР, умацаваць пазіцыі каталіцызму ў рэспубліцы, актывізаваць работу сярод вернікаў. У сувязі з гэтым партыйныя камітэты былі зарыентаваны «на неабходнасць павышэння пільнасці i ўзмацнення палітычнай, навукова-атэістычнай работы, асабліва ў раёнах распаўсюджвання гэтай канфесіі» [1, спр. 617, арк. 115]. Саветам народных дэпутатаў, упаўнаважаным савета па справах рэлігій рэкамендавалася максімальна выкарыстоўваць магчымасці ўплыву праз біскупа на працэсы, якія праходзілі ў парафіях, на падбор, расстаноўку i выхаванне служыцеляў культу, забеспячэння выканання дзеючага заканадаўства аб культах, аказвання супрацьдзеяння экспансіянісцкім памкненням польскага епіскапата, яго спробам кіраваць каталіцкімі арганізацыямі Беларусі.

Узначаліўшы рымска-каталіцкую Царкву на Беларусі, Т. Кандрусевіч накіраваў намаганні на рэгістрацыю новых суполак, манастыроў, наладжванню ix дзейнасці. Праводзілася работа па ўдасканаленню структуры кіравання РКЦ, на вакантныя пасады атрымоўвалі прызначэнне новыя душпастары. Генеральным вікарыем Пінскага дэканата стаў ксёндз Казімір Свёнтак. Прызначэнні з'яўляліся ўнутранай справай рымска-каталіцкай царквы i праводзіліся без узгаднення з прадстаўнікамі ўлады. Гэта выклікала незадаволенасць з ix боку, узмацняла канфрантацыю паміж бакамі.

Гістарычнай падзеяй у жыцці Рымска-Каталіцкай Царквы на Беларусі з'явілася стварэнне Святым Прастолам 13 красавіка 1991 г. трох дыяцэзій - Гродзенскай, Мінска-Магілёўскай i Пінскай. Т.Кандрусевіч быў пераведзены ў Маскву на ўпершыню адкрытае там біскупства. Мітрапалітам Рымска-Каталіцкай Царквы на Беларусі замест Т. Кандрусевіча Святы Прастол прызначыў К. Свёнтака. Ён жа стаў біскупам Мінска-Магілёўскай i Пінскай дыяцэзіі. Біскупам на Гродзенскую дыяцэзію быў прызначаны Аляксандр Кашкевіч. 23 мая 1991 г. у Фарным касцёле Гродна, які атрымаў напярэдадні 13 красавіка права кафедральнага, ён быў пасвечаны ў сан біскупа. 25 чэрвеня 1992 г. Статут дыяцэзіі i біскуп прайшлі рэгістрацыю.

Калі ўлады згадзіліся на прызначэнне А. Кашкевіча, то Урад не прызнаў рашэнне Ватыкана ў адносінах да К. Свёнтака. Аб гэтым было заяўлена 23 мая 1991 г. першым намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР Міхаілам Мясніковічам пад час яго сустрэчы з папскім нунцыем i паслом Ватыкана ў СССР архіепіскапам Ф. Каласуоні. Галоўнай прычынай з'яўлялася адсутнасць папярэдніх па гэтаму пытанню кансультацый паміж Ватыканам i Урадам БССР.

Прыступіўшы да выканання абавязкаў кіраўніка РКЦ на Беларусі, К. Свёнтак засяродзіў увагу на рэстаўрацыі i будаўніцтве новых храмаў, адраджэнні рэлігійнага жыцця ў зарэгістраваных суполках. Аднак адносіны з уладамі не складваліся.

Новыя крокі па паляпшэнню ўзаемаразумення бакоў былі зроблены ў сувязі з прызначэннем 18 мая 1994 г. нунцыем Апостальскага Прастола ў Рэспубліцы Беларусь вядомага дыпламата i тэолага, доктара кананічнага права, архібіскупа Агасціна Маркета. Гэтыя абавязкі ён выконваў да 12 сакавіка 1996 г. 25 жніўня 1994 г. папскі нунцый уручыў даверчыя граматы толькі што абранаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнку. Пасля гэтай цырымоніі ў Савеце Міністраў адбылася сустрэча А. Маркета з прэм'ер-міністрам Міхаілам Чыгіром. Падчас адбыўшайся размовы бакі абмеркавалі шэраг пытанняў, звязаных з дзейнасцю Рымска-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі Беларусі. Апостальскі нунцый адзначыў, што нягледзячы на паляпшэнне адносін паміж Рэспублікай Беларусь i Святым Прастолам, становішча Каталіцкай Царквы ў краіне заставалася адным з найболын складаных на тэрыторыі хрысціянскага свету. Па словах пасла, каталіцкі свет быў занепакоены тым, што ў рэспубліцы існавалі тры рымска-каталіцкія дыяцэзіі, аднак статуты двух з ix (Мінска-Магілёўскай iПінскай) не былі зарэгістраваны. У адказ беларускі бок заявіў, што пасля неабходных кансультацый пытанне аб рэгістрацыі біскупаў будзе вырашана станоўча.

Далейшаму паляпшэнню ўмоў дзейнаеці Рымска-Каталіцкай Царквы, узаемаразумення паміж Рэспублікай Беларусь i Ватыканам садзейнічала рэгістрацыя статутаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі i Пінскай дыяцэзіі, якая адбылася 19 кастрычніка 1994 г. Так праз 3,5 гады пасля рашэння Ватыкана прыйшло ix афіцыйнае прызнанне ў краіне. Думаецца, што паскарэнню гэтага акта садзейнічала маючае адбыцца прызначэнне Янам Паўлам II новых кардыналаў. Па дыпламатычных каналах дзяржаўныя структуры Беларусі не маглі не ведаць, што сярод прэтэндэнтаў на гэта высокае званне значылася i кандыдатура К. Свёнтака. На справе так i атрымалася. 30 кастрычніка 1994 г. К. Свёнтак быў узведзены ў сан кардынала. Гэта з'явілася прызнаннем не толькі асабістых заслуг архібіскупа за шматгадовую душпастырскую дзейнасць, але i ўсяго Касцёла на Беларусі за верную службу хрысціянскай веры.

3 назначэннем К. Свёнтака кіраўніком Каталіцкага Касцёла на Беларусі разгарнулася далейшая работа па адкрыццю касцёлаў, рэгістрацыі суполак.

Падзеяй у жыцці Рымска-Каталіцкай Царквы з'явілася сакрацыя кафедральнага касцёла імя Найсвяцейшай Марыі Панны ў Мінску, якая адбылася 21 кастрычніка 1997 г. Аднак да гэтага ўрачыстага акту былі доўгія гады самых актыўных дзеянняў вернікаў па вяртанню будынка касцёла гараджанам. І зімой, i ўлетку, на снезе i ў праліўны дождж вернікі адстойвалі сваё законнае права карыстацца адабраным дзяржавай будынкам касцёла. Нарэшце ўлады вымушаны былі перасяліць размешчаны ў ім дом фізкультуры i  савет спартыўнага таварыства «Спартак». 15 снежня 1993 г. будынак перадалі ў распараджэнне рымска-каталіцкай суполкі.

6 жніўня 1994 г. пачалася рэстаўрацыя касцёла, якую праводзілі польскія i беларускія спецыялісты. Паскорыць цяжкую працу дапамагалі захаваныя чарцяжы асобных архітэктурных дэталей, фотаздымкі ўсяго будынку. Пад слаямі фарбаў i прыбудаваных фасадах засталіся жывапісныя фрагменты, якія ў розны час упрыгожвалі касцёл. Дзяржава не выдзеліла на аднаўленне разбуранага храма ніводнага рубля.

У дзень асвячэння ва ўсёй велічы i красе паўстаў перад прысутнымі адрэстаўраваны касцёл. Ва ўрачыстай цырымоніі прыняў удзел спецыяльны пасланнік Папы Яна Паўла II кардынал Эдвард Шока, кардынал Польшчы Юзаф Глемп, мітрапаліты - рыжскі Яніс Пуятс iльвоўскі Міхал Яворскі, апостальскі адміністратар для католікаў еўрапейскай часткі Расіі Тадэвуш Кандрусевіч, іншыя прадстаўнікі Рымска-Каталіцкай Царквы. Пасля ўрачыстай службы іерархі былі прыняты Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкам. Упершыню за многія гады прадстаўнікі кіраўніцтва Рымска-Каталіцкай Царквы змаглі наведаць Беларуеь i сустрэцца на такім высокім узроўні. Кардынал Э. Шока перадаў ад Папы прывітанне i благаславенне Прэзідэнту Беларусі, a таксама ўручыў яму памятную медаль, прысвечаную 19-й гадавіне знаходжання Яна Паўла II на прастоле Ватыкана.

Дэфіцыт душпастырскіх кадраў паставіў пытанне аб адкрыцці спецыяльнай навучальнай установы. Больш за 50 год Беларусь была пазбаўлена семінарыі, маладыя кандыдаты атрымлівалі адукацыю ў розных краінах: у Польшчы, Літве, Латвіі i нават падпольна дома. Адкрыццё акадэміі з'явілася новай для кіраўніцтва рэспублікі праблемай, i яна вырашалася ўладамі з пэўнымі цяжкасцямі i непаразуменнямі. У рэшце рэшт было прынята прашэнне дазволіць адкрыць Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродна. Для яе размяшчэння былі аддадзены будынкі, што прымыкалі да Бернардзінскага касцёла. 1 верасня 1990 г. у цяжкіх умовах пачаліся заняткі, да якіх прыступілі 37 клерыкаў. Адсутнічалі сталовая, бібліятэка, не хапала выкладчыкаў з ліку мясцовага духавенства. Аднак, дзякуючы намаганням Гродзенскай дыяцэзіі, была праведзена рэканструкцыя будынкаў, у выніку чаго клерыкі атрымалі добрыя ўмовы для заняткаў [1, спр. 848, арк. 39],

Першыя рукапалажэнні адбыліся ў чэрвені 1995 г. 7 снежня 1996 г. чатыры выпускнікі семінарыі атрымалі свой святарскі сан у Мінскім кафедральным Саборы Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Урачыстую святую Імшу, на якой было больш за 300 вернікаў, адправілі кардынал К. Свёнтак, нунцый Апостальскай сталіцы Дамінік Грушоўскі. Усяго за 1996-2000 гг. семінарыю прайшлі каля 300 чалавек, закончылі яе 69, атрымалі сан па дасягненню 25 гадоў 45 чалавек. Такое папаўненне яўна недастаткова для таго, каб забяспечыць рымска-каталіцкую царкву ўласнымі кадрамі iне запрашаць з іншых дзяржаў. Таму 12 верасня 2001 г. у Пінску адкрылася яшчэ адна вышэйшая духоўная семінарыя імя Фамы Аквінскага. Яна рыхтуе кадры для Віцебскай, Мінска-Магілёўскай i Пінскай дыяцэзій.

Як бачна, за кароткі тэрмін у Беларусі была наладжана дзейнасць іерархіі Каталіцкага Касцёла. У 2000 г. працавалі 4 дыяцэзіі, якія накіроўвалі дзейнасць 417 парафій. Характэрнай асаблівасцю каталіцкага жыцця з'яўлялася пабудова i рэстаўрацыя храмаў. Праводзілася работа па падрыхтоўцы кадраў свяшчэннаслужыцеляў, чаму садзейнічала адкрыццё Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні. Стварэнне структуры кіравання Каталіцкім Касцёлам садзейнічала актывізацыі культурна-асветніцкай, дабрачыннай, душпастырскай дзейнасці парафій.

 Уладзімір Навіцкі, доктар гістарычных навук, прафесар